САБО́РНЫ РУХ,
плынь у каталіцкай царкве ў 14 — пач. 15 ст. Яго ідэолагі адхілялі дамаганні папства на універсальную ўладу, яны патрабавалі падпарадкавання папства дзяржаве ў свецкіх і Усяленскаму сабору ў царк. справах. Рух абумоўлены ўзмацненнем у Еўропе цэнтралізаваных дзяржаў, імкненнем нац. цэркваў дасягнуць большай самастойнасці і меншай залежнасці ад папскага прастола, ростам нар.-ератычных рухаў і падзеннем аўтарытэту папскай улады. Ідэолагамі С.р. была частка вышэйшых царк. іерархаў і свецкіх феадалаў (Ж.Жэрсон, П.д’Айі, Мікалай Кузанскі). Практычнай рэалізацыяй патрабаванняў С.р. было скліканне па ініцыятыве кардыналаў без згоды папы Пізанскага (1409, не прызнаны каталіцкай царквой) і Канстанцкага (1414) сабораў, на якіх прыняты рашэнні, накіраваныя на абмежаванне папскай улады. Прынцыпы С.р. замацаваны пастановамі Базельскага сабора (1431—49). Але адсутнасць адзінства ў царк. вярхах дазволіла папу Яўгенію IV нейтралізаваць пастановы Базельскага сабора. На Фларэнційскім саборы (1438—45) С.р. асуджаны. У 1460 булай папы Пія II забаронена апеляцыя да Усяленскага сабора. У далейшым Усяленскія саборы склікаліся толькі паводле рашэння папы.
М.В.Тараткевіч.
т. 14, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)